ШТА́РКА З’Я́ВА,
расшчапленне і зрух узроўняў энергіі атамаў, малекул і інш. квантавых сістэм пад дзеяннем эл. поля. Выяўляецца ў змене становішча і расшчапленні спектральных ліній гэтых сістэм. Адкрыта І.Штаркам у 1913; падобная да Зеемана з’явы, выкліканай дзеяннем магн. поля.
У моцным эл. полі з напружанасцю Е у квантавай сістэмы назіраецца разыходжанне выраджаных узроўняў энергіі, выкліканае паяўленнем дадатковай энергіі ΔW ~ hΔν, дзе h — Планка пастаянная, Δν — рознасць частот спектральных ліній. Для вадародападобных атамаў Δν ~ E (лінейная Ш.з.), для астатніх атамаў Δν ~ E2 (квадратычная Ш.з.). Выкарыстоўваецца Ш.з. ў спектраскапіі і радыёспектраскапіі для дыягностыкі плазмы і вывучэння будовы атамаў і малекул.
Літ.:
Ельяшевич М.А. Атомная и молекулярная спектроскопия. М., 1962.
т. 17, с. 469
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)